Шоба Валентина

Шоба Валентина

Минск

Биография

Нарадзілася ў 1964 г. у г. Мозыр, Гомельскай вобласці. У 1982г. скончыла рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ім. Ахрэмчыка (г.Мінск). У 1989 г. паспяхова скончыла аддзяленне графікі Беларускай акадэміі мастацтваў. Ужо ў той час ёй падабаўся горад Гродна, куды вельмі часта прыязджала ў госці. Захопленая мінуўшчынай Гродзенскага краю, мастачка выканала дыпломную работу “Серыя ілюстрацый да рамана Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Таму і месца для працы па размеркаванні абрала ў любімым горадзе з адметнай атмасферай і гісторыяй. У гэтым жа годзе пераязджае ў Гродна, дзе і жыве па сённяшні дзень. З 1991 г. з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі і з 2001 г. – членам Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Пачынаючы з 1992 года Валянціна Шоба актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выставах, творчых праектах і мастацкіх пленэрах як на Беларусі так і далёка за яе межамі. За час сваёй дзейнасці мастачкай былі падрыхтаваны 32 персанальныя выставы, прадстаўленыя ў многіх гарадах Беларусі, Расеі і Еўропы. Кожны раз, прэзентуючы новы творчы праект, Валянціна Уладзіміраўна здзіўляе сваім майстэрствам не толькі аматараў, але і мастацтвазнаўцаў. Яе персанальныя выставы заўсёды з’яўляюцца культурнай падзеяй для грамадства і шырока асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэт рэсурсах. Творчы шлях Шоба В. У. насычаны ўдзеламі ў рэспубліканскіх выставах. Агульная колькасць галоўных выстаў краіны з удзелам мастачкі мастачкі – 27. Сярод іх: «Беларуская палітра ХХ стагоддзя», «Чарнобыль, боль, надзея», Першая біенале жывапісу, графікі, скульптуры, «Час, асоба, прастора», «Зямля пад белымі крыламі», «Мастакі трэцяму тысячагоддзю», «Гродзенскія мастакі», I Мінская трыенале сучаснага мастацтва «БелЭкспа-Арт 2012», Біенале Саюза мастакоў Беларусі, «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта», праект «Тэрыторыя белага», «Каласавіны», прысвечаная 125годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа і інш. Талент сапраўднага мастака прыхільнікі сучаснага мастацтва з задавальненнем сустракаюць у розных краінах свету. Працы, якія ствараюць станоўчы імідж Беларусі, прадстаўляліся ў межах міжнародных выставак у Беларусі, Расеі, Францыі, Германіі, Літве, Польшчы, Партугаліі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі і інш. Амаль за 24 гады, Валянціна Шоба, прыняла ўдзел у 66 сумесных выставах. Яе працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і ў прыватных калекцыях Беларусі, Швейцарыі, Літвы, Польшчы, Амерыкі, Гішпаніі, Германіі і Расеі. Кожная карціна мастачкі напоўнена таямнічай прыгажосцю Беларусі. Людзі, беларускія арнаменты, помнікі архітэктуры, культурная спадчына, наваколле, казка, магія, жывёлы, містычная прырода – усё адлюстравана ў працах Валянціны Уладзіміраўны. Яна лічыць, што мастацтва мае місію: расказаць аб краіне, у якой жыве мастак. За час сваёй творчай дзейнасці Шобай В. У. было падрыхтавана і праведзена 138 персанальныя, рэспубліканскія, сумесныя і міжнародныя выставы. Шоба Валянціна Уладзіміраўна ўзнагароджана прэміяй “За лепшую працу года ў галіне графікі” (1992 г.), заахвочвальнай прэміяй на выставе моладзі “Час, асоба, прастора” (1998 г.), медалём “За дасягненні ў выяўленчым мастацтве” (1998 г.), прэміяй упраўлення культуры Паўночна-заходняй адміністрацыйнай акругі г. Масквы (2003 г.), прэміяй ім. А.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” (2004, 2015 гг.) і міжнароднай прэмяй імя Тэйлар (2015 г.). Дэбютны ўдзел творчай дэлегацыі нашай краіны ў выставе «Art Capital», якая праходзіла ў рамках сусветна вядомага французкага салона, што ладзiўся ў Гран Пале восенню 2015 года, стаў знакавым для Беларусі. Упершыню лаўрэатам прэстыжнай прэміі «Taylor» ў накірунку жывапісу стала менавіта Валянціна Шоба. Другая мiжнародная ўзнагарода атрымана мастачкай у Лондане на фестывалеконкурсе «ETHNO ART FEST» Рассея-Велiкабрытанiя. Дадзеныя ўзнагароды падкрэслілi прызнанне высокага ўзроўню культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь.

Работы